У Слуцку супрацоўнікі ДАІ выкарысталі зброю, каб спыніць п’янага кіроўцу. Машына належала яго працадаўцу, ён узяў яе без дазволу, заявілі ў прэс-службе МУС.
Позна ўвечары 29 студзеня жыхарка Слуцка паведаміла, што па вуліцы Леніна едзе аўтамабіль, кіроўца якога, магчыма, знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы, якія прыбылі на месца, выявілі, што машына ўсё яшчэ рухаецца па названай вуліцы.
«Кіроўцу неаднаразова было прапанавана спыніцца ля ўзбочыны для разбіральніцтва, што ён праігнараваў і выехаў за межы горада. Сваімі зухаватымі манеўрамі кіроўца ствараў рэальную пагрозу для жыцця грамадзян: павышаў і зніжаў хуткасць, віляў па праезнай частцы дарогі з боку ў бок, не падпарадкоўваўся патрабаванням спыніцца», — расказалі ў міліцыі.
Супрацоўнікі ДАІ выкарысталі табельную зброю, каб спыніць машыну.
За рулём аказаўся хлопец у стане моцнага алкагольнага ап’янення. Машына, на якой малады чалавек вырашыў пакатацца, належыць яго працадаўцу. Як патлумачыў затрыманы, машыну ён узяў без дазволу — ён ведаў, дзе схаваныя ключы ад яе.
На парушальніка склалі сем адміністрацыйных пратаколаў.