Сур’ёзная аварыя з удзелам аўтобуса адбылася раніцай 16 красавіка ў Мінску, паведамляе прэс-служба МУС.
Паводле папярэдняй інфармацыі, каля 8.10 маршрутны аўтобус МАЗ ехаў Смілавіцкім трактам з боку пасёлка Сосны ў напрамку вуліцы Сяліцкага і сутыкнуўся з грузавым аўтамабілем Volvo, які стаяў на месцы.
Як расказалі ў Следчым камітэце, траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі 20 чалавек, з іх 2 няпоўнагадовых.
«Паводле інфармацыі Цэнтра медыцынскага рэагавання, усе пацярпелыя ў ДТЗ пасажыры аўтобуса дастаўленыя ў сем бальніц Мінска. Першасная медыцынская дапамога пацярпелым аказаная спецыялістамі васьмі брыгад хуткай меддапамогі. Паводле папярэдняй інфармацыі спецыялістаў хуткай медыцынскай дапамогі, якія працавалі на месцы здарэння, у пацярпелых дыягнаставаныя спалучаныя траўмы: чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы, ірваныя раны, ранкі і ўдары», — паведамілі ў прэс-службе Мінздароўя.
На месцы здарэння працуюць супрацоўнікі ДАІ, следча-аператыўная група, ратавальнікі і медыкі. Прычыны і абставіны ДТЗ высвятляюцца.
У ДАІ расказалі, што рух Смілавіцкім трактам з боку пасёлка Сосны ў напрамку вуліцы Сяліцкага сур’ёзна ўскладнены.
Паводле звестак «Мінсктранса», рух грамадскага транспарту з прычыны аварыі ажыццяўляецца з парушэннем графіка да 20 хвілін.