На літоўскім памежным пункце пропуску «Мядзінінкай» (з беларускага боку — «Каменны Лог») літоўскія памежнікі затрымалі маладога грамадзяніна Беларусі, які кіраваў аўтамабілем Renault Megane Scenic. Ён быў п’яны, паведамілі ў Службе аховы дзяржмяжы Літвы.
У чацвер (відаць, 18 ліпеня. — Заўв. рэд.) каля дзвюх ночы літоўскія памежнікі правяралі транспарт, які выязджаў з краіны. Быў там і зарэгістраваны ў Беларусі аўтамабіль Renault Megane Scenic, якім кіраваў 24-гадовы грамадзянін нашай краіны.
«Ён паказаў памежнікам дакументы на сябе і свой аўтамабіль, аднак супрацоўнікі западозрылі, што замежнік п’яны. Ад кіроўцы пахла алкаголем, ён з цяжкасцю арыентаваўся ў прасторы, яго гаворка была бязладнай», — расказалі ў памежнай службе.
Памежнікі даставілі беларуса ў каравульнае памяшканне, дзе праверылі яго стан ап’янення з дапамогай алкатэстара. На першым удыху ў таго аказалася 2,2 праміле, на другім — 2,16.
П’янага беларуса і ягоны аўтамабіль перадалі супрацоўнікам паліцыі. Па гэтым факце праводзіцца праверка.