«Таму, хто перамог законна, не патрэбны АМАП». Добраахвотнікі, якія ваююць за Украіну, — ГУБАЗіКу, які «адпрацоўвае» іх родных
15 сакавiка 2023 у 1678873260
«Зеркало»
У МУС заявілі: ГУБАЗіК «адпрацоўвае» сваякоў і знаёмых праціўнікаў улады, якія эмігравалі, а таксама добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Паводле версіі сілавікоў, некаторыя людзі па-за краінай у звязцы са сваімі блізкімі ў Беларусі «ўтвараюць таемныя ячэйкі садзейнічання злачыннай дзейнасці і вярбоўцы грамадзян для ўдзелу ва ўзброеных дзеяннях на тэрыторыі Украіны». «Люстэрка» спытала добраахвотнікаў, што яны думаюць і адчуваюць з нагоды магчымых візітаў сілавікоў да іх родных.
З меркаванняў бяспекі суразмоўцаў і іх сваякоў імёны герояў публікацыі змененыя.
«Усё гэта выклікае ў мяне ўпэўненасць, што мы робім тое, што трэба, і праўда на нашым баку»
- Злосць, - адным словам апісвае свае эмоцыі добраахвотнік Ян. - Калі хтосьці цісне на мяне, я магу пацярпець, але калі чапаюць блізкіх… то ўжо прабачце… Я раблюся вельмі злым. Бо бацькі - самае святое, што ёсць у чалавека.
Звычайна ў інтэрв'ю Ян не хавае свайго твару. Ён ваяваў ва Украіне з 2015-га. Да пачатку поўнамаштабнай вайны яго родных сілавікі не тузалі. Пасля 24 лютага 2022 года да яго мамы прыходзілі ўжо некалькі разоў.
- Уся мая сям'я жыве ў Беларусі - бацькі, брат, дзядуля, дзядзька. Першы раз, калі ГУБАЗіК прыходзіў да мамы, правяралі яе тэлефон. Глядзелі, з кім яна перапісваецца, сазвоньваецца. Расказвалі, што на мяне завялі крымінальную справу, - кажа Ян. - Два апошнія разы прыходзілі ўжо мясцовыя міліцыянты. Яны проста гаварылі з ёй пра мяне.
Пасля таго як сілавікі ўпершыню пастукалі ў дзверы да блізкіх Яна і праверылі кантакты мамы, сын вырашыў на час абарваць непасрэдныя зносіны з роднымі. З таго часу яны камунікуюць толькі праз знаёмага.
- Хто прыняў такое рашэнне? Добрае пытанне. Думаю, мы разам. Для мяне гэта было прасцей, я ж разумею, чаго ім можа каштаваць кантакт са мной. Для іх, наадварот, усё вельмі цяжка. Я ўсё ж такі іх дзіця, - працягвае Ян. - Пры гэтым ніхто з блізкіх не прасіў мяне сысці з добраахвотнікаў: яны разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, Украіне і свеце.
Паводле словаў мужчыны, родныя добраахвотнікаў на ціск з боку сілавікоў рэагуюць па-рознаму: «Кожная сітуацыя індывідуальная, бо ў некаторых бацькі за Лукашэнку». Пры гэтым, кажа ён, ніхто з яго пабрацімаў праз гэта яшчэ не сыходзіў з УСУ.
- Наадварот, усё гэта выклікае ў мяне ўпэўненасць, што мы робім тое, што трэба, і праўда на нашым баку. Таму, хто перамог законна, не патрэбны АМАП, - разважае суразмоўца. - А калі ты ўжо апускаешся да такога, што тэрарызуеш родных байцоў, якія змагаюцца за добрую справу, то для мяне гэта шмат што кажа пра чалавека. У сваёй бяссільнасці і злосці рэжым аказаўся загнаны ў кут і ўжо не ведае, што рабіць.
На пытанне, чаму байцы гатовыя пайсці на тое, каб часова не камунікаваць з роднымі, але не згодныя пакінуць службу, Ян адказвае так:
- Таму што ад нас цяпер залежыць лёс не толькі нашых блізкіх, але і ўсёй Беларусі. Калі мы складзём зброю, то не ўбачым незалежнай Беларусі яшчэ доўга, не ўбачым нашых родных. Ад нас залежыць і будучыня нашых бацькоў і краіны.
«Мне здаецца, калі сілавікі хочуць нешта зрабіць, яны робяць і не папярэджваюць»
- Гэтая навіна - лухта. Яны як саджалі, так і саджаюць. Вось у Гомелі нядаўна затрымалі людзей. За што іх забралі? Магчыма, за падпіскі. Таму, думаю, нічога не зменіцца пасля чарговай заявы. Мне здаецца, калі сілавікі хочуць нешта зрабіць, яны робяць і не папярэджваюць, - разважае добраахвотнік Аляксей. - Да таго ж у нататцы яны кажуць пра нейкія таемныя ячэйкі. Думаю, калі такія і ёсць, сілавікі пра іх не ведаюць, толькі здагадваюцца, вось і спрабуюць зрабіць так, каб людзі замітусіліся, нарабілі нейкіх памылак і выдалі сябе. Але маё меркаванне, што калі сёння хтосьці ў краіне яшчэ нешта робіць, то гэта проста самі па сабе актыўныя людзі. І не факт, што яны ведаюць кагосьці з добраахвотнікаў.
Аляксей не раскрывае свайго сапраўднага імені. Яго родныя таксама не ведаюць, чым ён заняты за мяжой. Іх стаўленне да таго, што адбываецца ў Беларусі і свеце, ён апісвае каротка: «Нейтральнае». Пытанне, ці прыходзілі да іх праз яго, суразмоўца пакідае без адказу.
- Тыя, хто ў мяне застаўся ў Беларусі, не хочуць нікуды з'язджаць. Але многія родныя добраахвотнікаў, якія неяк праявілі сябе пасля выбараў і да якіх у сілавікоў маглі б узнікнуць пытанні, ужо не ў краіне. А тых, хто нікуды не выходзіў, мне здаецца, тузаць не будуць. А калі і будуць, то, можа, у людзей тады нешта ўключыцца, і яны зразумеюць: трэба было выходзіць. Гэта, вядома, гучыць жорстка, але ў 2020-м невялікая колькасць людзей фактычна пакутавала за ўсіх астатніх. Тое самае, як і цяпер, калі добраахвотнікі змагаюцца і аддаюць жыцці за ўсіх беларусаў. Мы ж гэта робім не дзеля таго, што хочам потым забраць сабе краіну. Большасць з нас наогул не збіраецца ні ва ўладу, нікуды. Яны проста хочуць жыць, займацца бізнесам. І каб у нас была еўрапейская краіна.
Паводле словаў Аляксея, навіны пра затрыманні блізкіх добраахвотнікаў або візіты да іх сілавікоў прыходзяць ужо не першы месяц. Такія паведамленні, кажа ён, нервуюць, але яны непараўнальныя з тым, што дзеецца ў чалавека ўнутры, калі ён едзе на баявую задачу.
- Наогул, калі ваюеш, нельга, каб на цябе нешта ўплывала. Ва ўсіх нас іншыя задачы. Да таго ж на вайне разумееш: турма - гэта не самае страшнае, што можа здарыцца.
На пытанне, як байцы рэагуюць на такія паведамленні, суразмоўца адказвае так:
- Усё гэта абмяркоўваюць людзі, якія ходзяць на звычайную працу, для іх такое - шок. У нас, калі мы бачым «двухсотых» (забітых. - Заўв. рэд.), «трохсотых» (параненых. - Заўв. рэд.), гэтыя паведамленні не выклікаюць такіх эмоцый. Ну ёсць і ёсць. Ціск на родных адбываўся з самага пачатку і будзе адбывацца.
«Неяк пабраціму напісалі пра затрыманне бацькоў і сказалі зліваць звесткі пра іншых хлопцаў. Ён паслаў аўтараў паведамлення»
- Мая пазіцыя такая: родныя мне неабыякавыя, але пра якую барацьбу можа ісці гаворка, калі ты здаўся і склаў рукі, як толькі нехта націснуў на тваіх блізкіх, - задае рытарычнае пытанне добраахвотнік Уладзімір. - Калі ты гэтага баішся, то лепш наогул не брацца за справу. Лёс родных мяне трывожыць, але гэта не стане прычынай, якая мяне спыніць.
Уладзімір ваюе ва Украіне з пачатку лютага 2022-га. Увесь гэты час яго блізкія застаюцца ў Беларусі. Сілавікі прыходзілі да іх ужо не раз.
- Ніякіх відэа іх запісваць не прымушалі, але ўсё роўна сам па сабе факт прыходу гэтых людзей дадому - ужо псіхалагічны ціск. У гэтым няма нічога прыемнага, - апісвае сітуацыю суразмоўца. - Большасць добраахвотнікаў не паказвае сваіх твараў. Не хочуць, каб хтосьці пра іх ведаў. Усё залежыць ад таго, як чалавек сябе адчувае. Калі на яго могуць уздзейнічаць праз родных, то так і будуць рабіць. Прывяду прыклад аднаго з пабрацімаў. Неяк яму напісалі пра затрыманне бацькоў і сказалі зліваць звесткі пра іншых хлопцаў. Ён паслаў аўтараў паведамлення і распаўсюдзіў інфармацыю пра іх просьбу. У выніку маму выпусцілі, бацька потым таксама выйшаў.
Паводле словаў мужчыны, ён нярэдка думае пра сітуацыі, што сілавікі могуць зноў і зноў прыходзіць да ягонай сям'і.
- Паўтару, лёс блізкіх мне неабыякавы. А яшчэ мне важныя прозвішчы тых, хто да іх прыходзіць, - кажа суразмоўца. - Чым больш эмацыйна гэтыя прыходы адбіваюцца на родных, тым больш у мяне будзе пытанняў да людзей, якія прыходзілі. І ніхто мне потым не зможа сказаць: «Я выконваў загад».