Беларусы могуць застацца без шэнгена, нават калі яго атрымалі. Расказваем пра новую тэндэнцыю анулявання віз
15 студзеня 2025 у 1736947080
Аляксандра Снежаньская / «Зеркало»
У спісе дакументаў, якія патрэбныя беларусам, каб атрымаць турыстычны шэнген, ёсць пацверджанне аплачанай рэзервацыі гатэля. Даволі папулярная наступная хітрасць: пасля атрымання візы людзі адмяняюць рэзервацыю і вяртаюць грошы. Але, як даведалася «Люстэрка», апошнім часам за такія маніпуляцыі консульствы некаторых краін пачалі ануляваць шэнген. Расказваем.
- Апошнім часам сустракаецца ўсё больш гісторый пра ануляванне. Асноўная прычына - адмена рэзервацыі гатэляў, пазначаных падчас падачы дакументаў, - кажа візавая экспертка і рэдактарка visaflow.live Анастасія Лысакоўская. - Асабліва часта мы з калегамі заўважаем гэта ў такіх краін, як Балгарыя і Венгрыя, радзей - Грэцыя. Чытала, што падобная сітуацыя ўзнікае і ў консульстве Румыніі, але я з такім не сутыкалася. Па астатніх краінах - Іспанія, Італія, Францыя, Германія, Польшча - такога не назіраецца.
Права анулявання шэнгена прапісанае ў арт. 34 Візавага кодэкса ЕС. Сярод іншага ў ім гаворыцца: «Віза можа быць скасаваная ў тым выпадку, калі выяўлена, што ўмовы выдачы перасталі выконвацца».
- Думаю, сюды і можна аднесці адмену рэзервацыі, - адзначае суразмоўніца.
Анастасія кажа, што выпадкі, калі шэнген забіралі праз скасаванне рэзервацыі, былі і раней. Проста ў 2024-м яна і яе калегі пачалі сутыкацца з імі часцей. Як консульства даведваецца, што чалавек адмовіўся ад рэзервацыі? У суразмоўніцы няма дакладнага адказу.
- Думаем, супрацоўнікі консульства могуць правяраць рэзервацыю пасля выдачы візы, - разважае яна. - Таксама некаторыя гатэлі могуць перадаваць інфармацыю консульству пра частую адмену рэзервацый.
Паводле назіранняў Анастасіі, у такіх выпадках, як правіла, рашэнне пра ануляванне консульствы прымаюць яшчэ да паездкі.
- Яны могуць звязацца з уладальнікам візы для актуалізацыі інфармацыі. Напрыклад, Грэцыя можа папрасіць пацверджання аплаты гатэля, і калі яго няма, то чалавека чакаюць не вельмі добрыя навіны, - кажа спецыялістка. - Балгарыя і Венгрыя могуць даслаць ліст пра ануляванне на электронную пошту.
Паводле Анастасіі, калі вас папросяць падаць абноўленыя звесткі пра рэзервацыю, важна зрабіць гэта своечасова.
- У любым выпадку пасля такога папярэджання вашая паездка будзе знаходзіцца пад асаблівым кантролем, - нагадвае яна.
А за што яшчэ могуць забраць візу?
Страціць візу можна ў тых выпадках, калі атрымаў яе, напрыклад, пад канкрэтны тур, але ў яго не паехаў.
Уваходзіць у спіс і парушэнне правілаў мэтавага выкарыстання. Такім лічыцца і выпадак, калі чалавек не паехаў у краіну, якая выдала яму візу.
- Быў такі прэцэдэнт, калі турысты з грэцкімі візамі ехалі ў Іспанію і трапілі на праверку ў Германіі, пасля чаго ім іх анулявалі, - прыводзіць прыклад экспертка. - Чаму так здарылася? Хутчэй за ўсё, шэнген у іх быў на тэрмін паездкі (напрыклад, на 14 дзён з «калідорам» 30). Ён мог быць аднаразовы ці мульт, тут няважна. Важнае тое, што па гэтых дакументах яны мусілі большую частку тэрміну знаходзіцца ў Грэцыі. А паколькі аўтобус ехаў у Іспанію, немцы, відаць, палічылі, што людзі наўрад ці паспеюць трапіць яшчэ і ў Грэцыю.
Яшчэ сярод прычын - неадпаведнасць візы заяўленай мэце паездкі. Напрыклад, чалавек едзе па турыстычным шэнгене, пачынае ў ЕС камерцыйную дзейнасць, і яго на гэтым ловяць.
- Ці ён едзе па турыстычнай візе, а на мяжы кажа: «Мэта візіту - бізнес-паездка (госці ці канферэнцыя)», - прыводзіць прыклады суразмоўніца. - Гэта таксама можа выклікаць дадатковыя пытанні і не вельмі добры вынік.
Паводле Анастасіі, яшчэ адна частая з'ява - ануляванне нацыянальнай працоўнай візы Польшчы.
- Асноўная прычына - яе выкарыстанне не па прызначэнні. Працоўная прызначаная для працоўнай дзейнасці ў Польшчы. Частыя перасячэнні мяжы могуць выклікаць падазрэнні ў памежнікаў, што можа прывесці да анулявання візы, - адзначае спецыялістка. - У такіх выпадках гэта часцей за ўсё адбываецца на мяжы пасля праверкі і выяўлення нямэтавага выкарыстання.
Пры гэтым Анастасія папярэджвае: ануляванне - не прысуд, і ў будучыні чалавек зможа зноў атрымаць шэнген. Аднак варта разумець: калі пасля непрыемнага прэцэдэнту вы прыйдзеце ў тое ж консульства, дакументы «будуць разглядаць пад лупай».
- І калі паставяць аднаразовую візу пад даты паездкі, гэта ўжо будзе добры вынік, - адзначае суразмоўніца.
«Люстэрка» звярнулася па афіцыйныя каментары наконт анулявання віз праз адмену рэзервацыі гатэляў у консульствы Балгарыі, Венгрыі і Румыніі ў Мінску, а таксама амбасаду Грэцыі ў Маскве, аднак аператыўных каментароў не атрымала. Калі мы іх атрымаем, то адразу ж апублікуем.
Чытайце таксама