Паводка разбурыла расійскія ўмацаванні першай лініі абароны, УСУ працягваюць наступаць мінімум на трох участках. Галоўнае са зводак
13 чэрвеня 2023 у 1686659700
«Зеркало»
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што падраздзяленні УСУ працягвалі наступаць на Паўднёва-Данецкім напрамку, а таксама ў раёне Бахмута. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія войскі спрабавалі наступаць у кірунку Аўдзееўкі. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны апублікавалі інтэрактыўную карту наступстваў паводкі пасля знішчэння Кахоўскай ГЭС.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 475-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Збілі разведвальна-ўдарны верталёт Ка-52 «Алігатар»
Мінулай ноччу Расія нанесла чарговыя ўдары па Украіне, выкарыстоўваючы крылатыя ракеты Х-101/555 і дроны-камікадзэ. У Крывым Рогу ёсць траплянне ў пяціпавярховы жылы дом і іншыя цывільныя аб'екты інфраструктуры. Удар крылатымі ракетамі марскога базавання «Калібр» быў нанесены па жылых дамах на Харкаўшчыне. У выніку абстрэлу Белаполля Сумскай вобласці і Шаўчэнкаўскай Харкаўскай вобласці таксама разбураныя жылыя дамы. На горад Арэхаў Запарожскай вобласці расійскія войскі скінулі тры кіравальныя авіябомбы, у выніку авіяўдару па Аўдзееўцы пашкоджаныя жылыя шматпавярхоўкі. Усюды ёсць ахвяры сярод мірнага насельніцтва, паведамляе Генштаб ВСУ ў ранішняй зводцы.
- Расійскія войскі працягваюць канцэнтраваць асноўныя намаганні на спробах цалкам акупаваць Луганскую і Данецкую вобласці: тут ідуць цяжкія баі, за мінулыя суткі адбылося 26 баявых сутыкненняў.
- На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік з мінамётаў і артылерыі абстраляў 19 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
- На Купянскім напрамку войска РФ нанесла авіяўдары ў раёнах трох населеных пунктаў Харкаўскай і Луганскай абласцей, з артылерыі і мінамётаў абстраляла сем населеных пунктаў.
- На Ліманскім напрамку цягам сутак праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Вясёлага на Харкаўшчыне і Белагораўкі Луганскай вобласці. Нанёс авіяўдары па трох населеных пунктах, з артылерыі абстраляў восем.
- На Бахмуцкім напрамку расійскія войскі нанеслі авіяўдар у раёне Белай Гары. З артылерыі абстралялі раёны дзесяці населеных пунктаў Данецкай вобласці.
- На Аўдзееўскім напрамку расійскія сілы спрабавалі наступаць у кірунку Аўдзееўкі, поспеху не мелі. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах Аўдзееўкі і Севернага, абстралялі дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
- На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі ў раёне Мар'інкі 14 атак расійскіх сіл. Праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах Стараміхайлаўкі і Краснагораўкі, з артылерыі абстраляў шэсць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
- На Шахцёрскім напрамку расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў кірунку Благадатнага. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах пяці населеных пунктаў Данецкай вобласці, абстралялі - таксама пяць.
- На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі абараняюцца. Нанеслі авіяцыйны ўдар у раёне Арэхава Запарожскай вобласці. З артылерыі абстралялі 21 населены пункт Данецкай, Запарожскай, Херсонскай абласцей і горад Херсон.
- Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і чатыры - па зенітна-ракетных комплексах праціўніка.
- Знішчаны расійскі разведвальна-ўдарны верталёт Ка-52 «Алігатар» і БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню «Арлан-10».
- Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за мінулыя суткі пабілі тры пункты кіравання, два зенітна-ракетныя комплексы, раён канцэнтрацыі асабовага складу расійскіх войскаў і тры артылерыйскія падраздзяленні на агнявых пазіцыях.
У Генштабе заявілі, што ў Херсонскай вобласці расійскія салдаты актыўна вывозяць нарабаваную маёмасць з затопленых населеных пунктаў: «У прыватнасці, у Голую Прыстань пад выглядам гуманітарнай дапамогі прыбываюць пустыя грузавікі, якія расійскія вайскоўцы загружаюць нарабаваным - бытавой тэхнікай, мэбляй і іншай маёмасцю».
Мінабароны Расіі: Перахапілі тры ракеты Storm Shadow і дзесяць снарадаў HIMARS
Сёння ноччу ВКС Расіі нанеслі ўдары «высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці паветранага базавання па месцах канцэнтрацыі аператыўных рэзерваў УСУ, а таксама склада боепрыпасаў і ўзбраення замежнай вытворчасці». Як заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі, «усе прызначаныя аб'екты пабітыя, мэта ўдару дасягнутая».
- На Паўднёва-Данецкім напрамку УСУ працягвалі спробы вядзення наступальных дзеянняў:
- у раёне населенага пункта Макараўка Данецкай вобласці адбітыя тры атакі падраздзяленняў УСУ, узмоцненых танкамі і баявымі браніраванымі машынамі. З дзесяці бронетранспарцёраў УСУ, задзейнічаных у атаках, восем былі знішчаныя;
- у раёне населенага пункта Раўнаполь Данецкай вобласці за суткі паспяхова адбітыя дзве атакі УСУ, падбітыя два ўкраінскія танкі і тры баявыя браніраваныя машыны;
- у раёне населенага пункта Прачыстоўка падчас адбіцця атакі знішчаная вялікая частка асабовага складу ротнай тактычнай групы УСУ і чатыры баявыя машыны пяхоты.
Агульныя страты УСУ за суткі ў гэтых раёнах склалі да 275 вайскоўцаў, чатыры танкі, 15 баявых браніраваных машын, восем аўтамабіляў, а таксама гаўбіца «Мста-Б».
На поўдзень ад горада Бахмут паспяхова адбітыя дзве атакі УСУ ў напрамку населенага пункта Кляшчыеўка Данецкай вобласці. Падчас баёў знішчаныя да 350 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, а таксама шэсць аўтамабіляў.
- На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Іванаўка Харкаўскай і Розаўка Луганскай абласцей. У раёне населенага пункта Цімкаўка Харкаўскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
За суткі на гэтым напрамку знішчаныя больш за 35 украінскіх вайскоўцаў, адзін бронетранспарцёр, пікап, а таксама гаўбіца Д-20.
- На Чырвона-Ліманскім напрамку авіяцыяй, артылерыяй групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае і Белагораўка Луганскай вобласці, а таксама Серабранскага лясніцтва.
За суткі страты УСУ склалі да 60 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіцы Д-20 і Д-30.
- На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі знішчаныя да 30 украінскіх вайскоўцаў, тры аўтамабілі, гаўбіца «Мста-Б», а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 98 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 114 раёнах. Перахопленыя тры крылатыя ракеты вялікай далёкасці Storm Shadow і дзесяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS. Збітыя шэсць беспілотнікаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Армія РФ праз паводку страціла кантроль над тэрыторыяй каля 375 квадратных км
Украінскія сілы працягвалі контрнаступальныя дзеянні як мінімум на трох участках фронту і 12 чэрвеня завалодалі новымі тэрыторыямі. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
12 чэрвеня намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што ўкраінскія сілы на Данецкім і Таўрычаскім (Запарожскім) напрамках прасунуліся на 6,5 км і адбілі 90 квадратных кіламетраў тэрыторыі за апошні тыдзень. Маляр дадала, што за той жа перыяд украінскія сілы вызвалілі адзін населены пункт на захадзе Запарожскай вобласці і шэсць населеных пунктаў на ўсходзе Запарожскай і захадзе Данецкай вобласці. Прэс-сакратар Усходняй групы войскаў Украіны палкоўнік Сяргей Чараваты заявіў, што ўкраінскія войскі працягвалі контратакаваць на флангах Бахмута і прасунуліся на 250−700 метраў у неназваных раёнах на ўскраінах горада. Расійскія крыніцы адзначылі, што ўкраінскія сілы працягвалі контратакаваць расійскія пазіцыі на паўднёвы захад, поўнач і паўночны захад ад Бахмута, асабліва каля Бярхоўкі (3 км на паўночны захад ад Бахмута). Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 12 чэрвеня, дадаткова сведчаць пра прасоўванне ўкраінскіх сіл у заходняй частцы Данецкай вобласці на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі.
Паведамляецца, што 12 чэрвеня расійскія войскі пачалі контратакаваць у заходняй частцы Данецкай вобласці. Аднак пацверджанняў таму, што яна была паспяховай, пакуль няма, адзначылі эксперты. Расійскія ваенныя блогеры таксама скардзіліся, што праз дрэнныя ўмовы надвор'я расійская авіяцыя не змагла дапамагчы войскам у адбіцці ўкраінскіх атак паблізу адміністрацыйнай мяжы паміж Данецкай і Запарожскай абласцямі.
ISW таксама публікуе новую інтэрактыўную карту, якая паказвае наступствы паводкі ў Херсонскай вобласці, а таксама як яна паўплывала на кантроль Расіі над тэрыторыяй левага берага Дняпра. Эксперты адзначаюць, што паводка пазбавіла расійскія войскі раней займаных пазіцый як мінімум у 12 населеных пунктах, у некаторых раёнах яны вымушаныя былі адысці на 10 кіламетраў. Паводка таксама разбурыла палявыя ўмацаванні на першай лініі абароны, якія расійскія вайскоўцы збіраліся выкарыстоўваць для абароны ад украінскіх атак. Хуткая паводка, імаверна, вымусіла расійскіх салдат адступіць і адвесці ваенную тэхніку ў Алешках і Голай Прыстані. Як адзначаюць эксперты, раней гэтыя пазіцыі расіяне выкарыстоўвалі для абстрэлу Херсона і іншых населеных пунктаў на правым беразе. Усяго ж расійскія сілы праз паводку паводле стану на 9 чэрвеня страцілі кантроль над тэрыторыяй плошчай блізу 375 квадратных кіламетраў.
Пакуль незразумела, як гэтыя змены мясцовасці паўплываюць на манеўраную вайну на поўдні Украіны. ISW будзе працягваць сачыць за сітуацыяй.
Уладальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын паведаміў 11 чэрвеня, што атрымаў загад Мінабароны Расіі падпарадкаваць яго фарміраванне расійскаму вайсковаму камандаванню. Прыгожын апублікаваў фрагмент ліста Мінабароны Расіі, у якім ПВК загадваецца да 15 чэрвеня інфармаваць Аб'яднаны штаб расійскай групоўкі войскаў пра колькасць сваіх сіл, рэзерваў і харчоў, якія яны атрымалі ад Мінабароны Расіі. Прыгожын таксама заявіў, што ў яго ПВК прыходзіць у 2,5 разу больш навабранцаў пасля нядаўніх «правакацыйных заяваў пра неабходнасць спынення існавання прыватнай ваеннай кампаніі». Паводле яго, расійскія добраахвотнікі далучаюцца да «Вагнера», каб пазбегнуць падпісання кантрактаў з МА РФ. Прыгожын абвінаваціў Мінабароны Расіі ў тым, што яно сваімі дзеяннямі імкнецца нанесці шкоду яго ПВК ва ўмовах далейшых украінскіх контрнаступленняў.
У Інстытуце лічаць, што патрабаванне Мінабароны Расіі, імаверна, разумнае з ваеннага пункту гледжання і збольшага не звязанае са спрэчкай з Прыгожыным, бо дазволіць расійскаму ваеннаму камандаванню ўзяць пад непасрэдны кантроль мноства прыватных ваенных фарміраванняў і перадыслакаваць іх па меры неабходнасці.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на поўдзень ад Крамянной;
- украінскія і расійскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі вакол Бахмута;
- расійскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі ўздоўж лініі Аўдзееўка - Данецк;
- паводле стану на 12 чэрвеня ўкраінскія сілы вялі наземныя атакі паблізу адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей і дамагліся поспехаў;
- расійскія крыніцы паведамілі, што ўкраінскія сілы вялі абмежаваныя контрнаступальныя аперацыі на паўднёвы захад ад Арэхава;
- у сацыяльных сетках распаўсюдзілі відэазапіс, на якім, як паведамляецца, расійскія загараджальныя атрады страляюць па расійскіх войсках, якія пакінулі свае пазіцыі дзесьці ва Украіне;
- Расія працягвае ўмацоўваць свой прававы рэжым на акупаваных тэрыторыях Украіны ва ўмовах ваеннага становішча.