Крэмль даў указанне прапагандыстам прывучаць расіян да «новай рэальнасці»: Курская вобласць страчаная надоўга
21 жнiўня 2024 у 1724234700
«Зеркало»
Расійскія прапагандысцкія рэсурсы атрымалі ўказанне з Крамля рыхтаваць насельніцтва да таго, што Курская вобласць страчаная надоўга. Пра гэта «Медузе» расказалі блізкія да Адміністрацыі прэзідэнта і ўрада РФ крыніцы.
Паводле крыніц, у першыя дні пачатку аперацыі УСУ ў Курскай вобласці расійскія «эліты» былі «шакаваныя». За два тыдні «шок прайшоў, адбылося прывыканне».
Каб настроі «ўстаканіліся» хутчэй і ў грамадстве, Крэмль з дапамогай прапаганды спрабуе падрыхтаваць расіян да жыцця ва ўмовах «новай рэальнасці» і «новай нармальнасці» - як адзначае «Медуза», гэтыя тэрміны шырока ўжо выкарыстоўваліся падчас пандэміі і ў самым пачатку вайны з Украінай.
«Гэта трэба, каб людзі лічылі тое, што адбываецца, не адхіленнем, а новай нормай, хай і часовай. Гэта мусіць супакойваць. У адхіленні ад нормы існаваць складана. У норме, хай і новай, - прасцей», - растлумачыў медыятэхнолаг, які супрацоўнічае з Адміністрацыяй прэзідэнта.
Падчас асвятлення «новай рэальнасці» Крэмль прапануе прапагандыстам даносіць да людзей, што вораг сапраўды прарваўся на расійскую тэрыторыю, але яго чакае немінучая параза, проста давядзецца пачакаць - вяртанне тэрыторый зойме час.
А каб «скіраваць негатыў і шок у пазітыўнае рэчышча», расіянам прапануюць паўдзельнічаць у зборы дапамогі для Курскай вобласці. Адміністрацыя прэзідэнта РФ ужо «рэкамендавала» заняцца гэтым і ўладам рэгіёнаў.
У цэлым жа ўсе апытаныя «Медузай» чыноўнікі ўпэўненыя, што баі ў Курскай вобласці могуць цягнуцца некалькі месяцаў. Блізкі да ўрада суразмоўца ўдакладніў: гэтая ацэнка «досыць аптымістычная - калі ўсё атрымаецца».