Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык расказаў «Люстэрку» пра сітуацыю з палоннымі байцамі палка Каліноўскага Янам Дзюрбейкам і Сяргеем Дзягцёвым. Яны ў расійскім палоне ўжо год — з 26 чэрвеня 2022.
— Паводле інфармацыі, якую я маю, яны жывыя, — расказаў «Люстэрку» Валерый Сахашчык. — Я неаднаразова размаўляў з прадстаўнікамі ўкраінскіх спецслужбаў, якія займаюцца вяртаннем палонных. Вельмі далікатная тэма. Людзі нічога канкрэтнага не гавораць. Кажуць: «Так, мы памятаем, так, мы ведаем, мы працуем па сваіх алгарытмах». І, шчыра кажучы, усё.
Пра тое, дзе канкрэтна знаходзяцца беларускія палонныя і які ў іх стан здароўя, інфармацыі няма.
Нагадаем, 26 чэрвеня падчас баёў пад Лісічанскім загінулі чацвёра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны: Іван Марчук (пазыўны — Брэст), Васіль Парфянкоў (Сябро), Васіль Грудовік (Атам), Вадзім Шатроў (Папік). Яшчэ двое — Ян Дзюрбейка (Тромблі) і Сяргей Дзягцёў (Клешч) — трапілі ў палон.
Вядома, што Ян Дзюрбейка родам з Бараўлянаў. Да гэтага працаваў на Мінскім механічным заводзе імя Вавілава ў аддзеле метралогіі. У лістападзе 2020-га яго затрымалі на 15 сутак, потым завялі крымінальную справу. Пасля гэтага малады чалавек з’ехаў ва Украіну. У першыя ж дні Ян запісаўся добраахвотнікам.
— Ён ужо быў у батальёне, і я ў яго спытаў: «Чаму ты ваюеш за Украіну? Ты наогул паляк, які жыў усё жыццё ў Беларусі». На што ён адказаў: «Беларусь была маёй радзімай, якую ў мяне забралі. Я пераехаў ва Украіну, і ў мяне хочуць забраць і гэтую радзіму!» — успамінаў яго сябар.

Пра Сяргея Дзягцёва тэлеканалу СТБ расказвала яго мама Ядвіга Губко. Паводле яе словаў, сын добры, але ўтойлівы, добра вучыўся. Што ён ва Украіне, жанчына не ведала. Раней, казала яна, у сына дыягнаставалі кератаконус вачэй. Мама хвалявалася, ці можа Сяргей бачыць.