Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец расказаў дзяржтэлеканалу СТБ, як працуе камісія, што правярае сістэму вышэйшай адукацыі Беларусі.
Камісія пачала буйную праверку беларускіх ВНУ з сакавіка 2024 года. Паводле Іванца, працуюць пяць груп, але расказаў ён пра працу трох з іх.
«Першая група правярае змест — адукацыйныя стандарты, навучальныя праграмы, навучальныя планы. То-бок адказвае на пытанне, чаму мы вучым нашых студэнтаў нашых ВНУ. Другая група вывучае запатрабаванасць заказчыкамі кадраў нашых спецыялістаў і задаволенасць заказчыкаў кадраў тымі кампетэнцыямі, тымі ведамі, навыкамі, якія маюць выпускнікі. Трэцяя група працуе над пытаннямі навучальных дапаможнікаў, якасці навучальных дапаможнікаў. У першую чаргу, вядома, гэта навучальныя дапаможнікі сацыяльна-гуманітарнага блока», — паведаміў Іванец.
Нагадаем, 13 лютага гэтага года Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі вышэйшых навучальных установаў краіны 13 лютага запатрабаваў «страсянуць ВНУ». Яго незадаволенасць выклікала імкненне выпускнікоў атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой, незадаволенасць беларускіх студэнтаў узроўнем атрыманых ведаў і нават падручнік па філасофіі. Ён прапанаваў стварыць працоўную групу «як у ахове здароўя» і праверыць ВНУ, бо яны «закасцянелі да неймавернасці».