Колькасць шэнгенскіх віз, выдадзеных беларусам, у 2023 годзе зноў пачала патроху расці пасля рэзкага падзення апошніх гадоў. Пры гэтым практычна ўсе візы выдалі ўсяго пяць краін ЕС. Пра гэта сведчаць дадзеныя, апублікаваныя Еўракамісіяй.
За мінулы год беларусы падалі амаль 164 тысячы заявак на кароткатэрміновыя шэнгенскія візы — маюцца на ўвазе візы тыпу C, турыстычныя і іншыя: яны дазваляюць знаходзіцца на тэрыторыі краін Шэнгена да 90 дзён у паўгоддзі, але не жыць, вучыцца альбо працаваць, у адрозненне ад нацыянальных віз. Візы тыпу С могуць выдавацца для разавай паездкі або шматразовага ўезду.
Выдадзеных віз было ненашмат менш, чым заявак, — 158 тысяч. Адмовамі завяршыліся 5,5 тыс. запытаў беларусаў. Працэнт адмоваў склаў усяго 3,4%, аднак, як паведамлялася раней, гэта амаль удвая вышэй, чым у папярэднія гады.
Большасць віз — шматразовыя: 138 тысяч, або 87,3%. Самай актыўнай у выдачы віз была Германія, за ёю ідуць Італія, Польшча, Венгрыя і Францыя. Менавіта гэтыя краіны аформілі практычна ўсе візы, атрыманыя беларусамі. Ніжэй — зводная табліца па краінах, дадзеныя якіх прадстаўленыя ў выкладках Еўракамісіі.
Краіна | Выдадзена віз | Шматразовыя | Адмовы |
Германія | 51,9 тыс. | 95,7% | 0,8% |
Італія | 40,2 тыс. | 85,4% | 0,2% |
Польшча
(консульствы ў Мінску, Брэсце, Гродне) |
31,4 тыс. |
87,2% у Мінску, 90,7% у Брэсце, 91,7% у Гродне |
10% у Мінску,
12% у Брэсце, 13,3% у Гродне |
Венгрыя | 14,4 тыс. | 73,1% | 1,5% |
Францыя | 11,8 тыс. | 67,1% | 2,3% |
Эстонія | 1473 | 93,5% | 8,8% |
Латвія | 1184 | 78% | 11,4% |
Славакія | 931 | 53,6% | 1,2% |
А колькі віз было ў мінулыя гады?
Хаця колькасць шэнгенскіх віз, выдадзеных беларусам, у 2023 годзе ўсё яшчэ заставалася невялікай, яна вырасла ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Рэзкае падзенне пачалося ў 2020-м праз пандэмію каранавіруса і потым працягнулася ў 2022-м праз розныя візавыя абмежаванні, якія краіны Еўропы наклалі на Беларусь у сувязі з яе датычнасцю да вайны супраць Украіны.
Тым не менш цяперашняму ўзроўню выдачы віз пакуль вельмі далёка да таго, які быў у канцы 2010-х.
Параўноўваем шэнгенскія візы, атрыманыя беларусамі ў 2023 годзе, з папярэднім дзесяцігоддзем:
- 2023 — 158 тысяч;
- 2022 — 118,5 тысячы;
- 2021 — 57,5 тысячы;
- 2020 — 135 тысяч;
- 2019 — 643,5 тысячы;
- 2018 — 677 тысяч;
- 2017 — 710,5 тысячы;
- 2016 — 693,5 тысячы;
- 2015 — 754 тысячы;
- 2014 — 880 тысяч;
- 2013 — 768 тысяч.
Чытайце таксама


