Дзмітрый Пяскоў назваў хлуснёй аповед Борыса Джонсана пра тое, што Пуцін падчас размовы прыгразіў ракетным ударам. Афіцыйны прадстаўнік Крамля заявіў журналістам, што трэба высветліць, наўмысна ці несвядома сказіў словы расійскага прэзідэнта брытанскі экс-прэм'ер.
— Тое, што сказаў містар Джонсан, — гэта няпраўда. Дакладней, гэта хлусня. Больш за тое, я вам скажу, гэта ці свядомая хлусня, тады трэба (спытаць), з якой мэтай ён выбраў такі варыянт выказвання. Ці гэта было несвядома, і фактычна ён не зразумеў, пра што з ім гаварыў прэзідэнт Пуцін. Тады становіцца не па сабе за суразмоўцаў нашага прэзідэнта, — цытуе Пяскова interfax.ru.
Прэс-сакратар Пуціна заявіў, што ведае, пра што ішла гаворка ў той размове, ніякіх пагрозаў там не было.
— Яшчэ раз афіцыйна паўтараю: гэта хлусня. Ніякіх пагрозаў ракетамі не было. Гаворачы пра выклікі бяспецы РФ, прэзідэнт Пуцін адказваў, што ў выпадку ўступлення Украіны ў NATO патэнцыйнае размяшчэнне натаўскіх або амерыканскіх ракет ля нашых межаў будзе азначаць, што любая ракета даляціць да Масквы за лічаныя хвіліны, — сказаў Пяскоў.
Калі «гэты пасаж быў такім чынам успрыняты», працягнуў Пяскоў, то ўзнікае, як ён сказаў, «вельмі няёмкая сітуацыя».
Былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан у дакументальным фільме Бі-бі-сі расказаў, што за некалькі тыдняў да пачатку вайны размаўляў з Пуціным, спрабуючы пераканаць таго, што Украіна найбліжэйшым часам не ўступіць у NATO. У адказ, па словах Джонсана, расійскі прэзідэнт прыгразіў яму ракетным ударам.