Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абвясціў пра памілаванне экс-кіраўніка МУС краіны Марыюша Каміньскага і яго былога намесніка Мацея Вонсіка, піша RMF FM.
«Паны [Марыюш Каміньскі і Мацей Вонсік] памілаваныя. Пацвярджаю гэта самым рашучым чынам. Звяртаюся да міністра [юстыцыі], генеральнага пракурора з просьбай неадкладна прыступіць да далейшых дзеянняў у гэтым пытанні. Я заклікаю да неадкладнага выканання рашэння прэзідэнта і, такім чынам, неадкладнага вызвалення міністраў з турмы», — сказаў ён.
Нагадаем, Марыюша Каміньскага і Мацея Вонсіка ў снежні 2023 года асудзілі на два гады зняволення. Гісторыя цягнецца яшчэ з 2007 года, калі Каміньскі ўзначальваў антыкарупцыйнае бюро, а Вонсік быў яго намеснікам. Яны тады спрабавалі абвінаваціць аднаго з польскіх палітыкаў у атрыманні хабару, але ў выніку іх саміх абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў і незаконнай аператыўнай дзейнасці.
У 2015 годзе суд вынес Каміньскаму і Вонсіку першы прысуд, але паплечнік па партыі Анджэй Дуда, які тады ўжо заняў пасаду прэзідэнта, іх памілаваў. У канцы 2023 года, калі да ўлады ў Польшчы прыйшла апазіцыя, палітыкаў асудзілі паўторна.
9 студзеня паліцыя атрымала ад суда дакументы для затрымання Каміньскага і Вонсіка ў сувязі з новым прысудам, але па месцы жыхарства іх не знайшлі. Абодва ў той дзень паехалі на сустрэчу з Дудам, іх затрымалі ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве. Прэзідэнт Польшчы назваў затрыманне незаконным.