Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку, паведамляе яго прэс-служба. Міністры будуць выконваць свае абавязкі да зацверджання новага складу ўрада. Прычыны, з якіх прэзідэнт гэта зрабіў, не агучваюцца, але рашэнне было прынятае напярэдадні запланаванай справаздачы ўрада.
Прэзідэнт Такаеў у панядзелак, 5 лютага, падпісаў указ, якім прыняў адстаўку ўрада. Часовым выканаўцам абавязкаў прэм’ер-міністра стаў Раман Скляр.
Таксама паводле ўказа чальцы ўрада працягнуць выконваць свае абавязкі да зацверджання новага складу ўрада.
7 лютага чакалася пашыранае паседжанне ўрада Казахстана з удзелам Такаева. На ім кабінет міністраў мусіў даць справаздачу наконт праведзенай працы ў 2023 годзе.
Апошні раз урад Казахстана сыходзіў у адстаўку ў адпаведнасці з новай канстытуцыяй краіны ў сакавіку мінулага года.