Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 16 лютага выступіў у Белым доме з заявамі наконт смерці расійскага палітвязня Аляксея Навальнага. Ён усклаў адказнасць за смерць Навальнага на расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.
«Не дазвольце ўвесці сябе ў зман: Пуцін нясе адказнасць за смерць Навальнага. Пуцін не толькі нападае на грамадзян іншых краін, як мы бачылі на прыкладзе таго, што цяпер адбываецца ва Украіне, — ён таксама здзяйсняе жудасныя злачынствы супраць свайго ўласнага народа», — сказаў Байдэн.
Амерыканскі прэзідэнт таксама прызнаўся, што «абураны» гэтай навіной.
Падчас свайго выступу ён адзначыў, што Навальны «адважна супрацьстаяў карупцыі, гвалту і ўсім негатыўным дзеянням урада Пуціна. У адказ Пуцін атруціў яго, арыштаваў і прыцягнуў да адказнасці за сфабрыкаваныя злачынствы».
Таксама Джо Байдэн выказаў меркаванне, што паведамленні пра смерць Аляксея Навальнага мусяць заахвоціць Злучаныя Штаты даць фінансаванне Украіне, каб яна змагла абараняцца ад Расіі. Ён дадаў, што калі далейшага фінансавання не будзе, то гэтага «ніколі не забудуць».
Нагадаем, 16 лютага ФСВП Расіі паведаміў пра смерць палітвязня Аляксея Навальнага. У паведамленні гаворыцца, што ён памёр у калоніі пасля прагулкі. Следчы камітэт РФ арганізаваў працэсуальную праверку па факце смерці апазіцыянера.