Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што амерыканскі мільярдэр Ілан Маск перадаў яму Cybertruck Tesla і машына паедзе на вайну з Украінай. Сам Маск наўпрост не абверг сцверджанне палітыка, але назваў «адсталым» чалавека, які задаў яму пытанне пра гэта.
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў 17 жніўня паведаміў, што атрымаў ад «паважанага Ілана Маска» Cybertruck Tesla. Ён выпрабаваў электрамабіль і заявіў, што машына будзе перададзеная на вайну ва Украіне.
Паводле Кадырава, Cybertruck Tesla — «магутны праект» і, «несумненна, адзін з найлепшых аўтамабіляў у свеце». «Я ў гэтую машыну літаральна закахаўся», — сказаў кіраўнік Чачні.
Мяркуючы з кадраў, пасля таго як аўтамабіль трапіў да Кадырава, на ім быў усталяваны кулямёт. Палітык выказаў «шчырую падзяку» Маску, якога назваў" вялікім чалавекам", «наймацнейшым геніем сучаснасці і спецыялістам», запрасіў яго прыехаць у Грозны і паабяцаў сустрэць «як самага дарагога госця».
У сацсетцы Х, якая належыць Маску, амерыканскі журналіст Сэт Абрамсан спытаў бізнесоўца, чаму той «пастаўляе аўтамабілі, гатовыя да выкарыстання з ваеннымі мэтамі», у краіну пад амерыканскімі санкцыямі і «адкрыта працуе супраць ЗША».
«Ты сур’ёзна настолькі адсталы, што думаеш, што я падарыў кібертрак рускаму генералу? Ашаламляльна. Яшчэ адзін прыклад таго, наколькі хлусяць састарэлыя СМІ», — напісаў у адказ Маск.
Нагадаем, у верасні 2019-га Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад школьнікамі, таксама расказаў, што Ілан Маск падарыў яму электрамабіль Tesla, выраблены яго кампаніяй: «Я часам яе тэстую. Маск падарыў. Потым ён мяне ўбачыў на матацыкле і кажа: „Слухай, у вас прэзідэнт на двухколавым матацыкле ездзіць?“»
Праверыць гэтыя словы палітыка аказалася нескладана. У Twitter Маску задалі пытанне, ці дарыў ён аўтамабіль Аляксандру Лукашэнку — і той вельмі хутка адказаў: «О, не».