У суботу, 7 верасня, на ўсходзе Латвіі ўпаў расійскі беспілотнік, які прыляцеў з Беларусі. Вайскоўцы яго знайшлі і дэактывавалі, піша Delfi. Дрон тыпу Shahed быў наладаваны выбухоўкай.
Беспілотнік упаў у полі ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю Латвіі ўдалечыні ад населеных пунктаў — прыкладна за 90 км ад мяжы з Беларуссю і за 50 км ад тэрыторыі РФ. Расійскі дрон аказаўся наладаваным выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed, паведаміла кіраўніцтва Нацыянальных узброеных сіл (НУС) Латвіі. Беспілотнік дэактывавалі, цяпер праводзіцца яго пільны аналіз.
Латвія ўжо ўзмацняе супрацьпаветраную абарону на ўсходняй мяжы ў адказ на збіты расійскі беспілотнік у Рэзекненскім краі, адзначыў на прэс-канферэнцыі міністр абароны краіны Андрыс Спрудс.
Спікерка Сейма Латвіі Дайга Міерыня заявіла агенцтву LETA, што, калі б расійскі ваенны беспілотнік пагражаў бяспецы дзяржавы, НУС распачалі б «неабходныя дзеянні ў адпаведнасці з працэдурамі».
Паводле старшыні Сейма, гэтым разам у інтарэсах нацыянальнай бяспекі было важна сачыць за кірункам і траекторыяй палёту беспілотніка. Міерыня падкрэсліла, што сітуацыя пад кантролем: НУС зафіксавалі прылёт дрона ў Латвію, прасачылі за яго перамяшчэннем і вызначылі месца аварыі.
Нагадаем, у суботу, 7 верасня, у Рэзекненскім краі знайшлі абломкі расійскага ваеннага беспілотніка. Паводле звестак Мінабароны Латвіі, ён прыляцеў з тэрыторыі Беларусі.
Даступная спецыялістам першапачатковая інфармацыя сведчыць пра тое, што дрон «не меў спецыфічнай мэты прыляцець у Латвію».