У аварыі грузавога самалёта Boeing 737−476 ля аэрапорта Вільнюса 25 лістапада не выявілі ніякіх прыкмет умяшання звонку. Да такой думкі прыйшлі эксперты, прааналізаваўшы звесткі бартавых самапісцаў, піша Delfi.
Самалёт Boeing 737−476 кампаніі Swiftair разбіўся недалёка ад Вільнюскага аэрапорта раніцай 25 лістапада. На месцы аварыі былі знойдзеныя «чорныя скрыні».
Прадстаўнік аддзела расследавання транспартных аварый і інцыдэнтаў Міністэрства юстыцыі Літвы і паліцыя даставілі іх у нямецкае Федэральнае бюро расследавання авіяцыйных аварый.
Звесткі абодвух самапісцаў вывучылі спецыялісты ўстановы. Адна з «чорных скрыняў» фіксавала паказчыкі палёту і змяшчала шмат тэхнічных параметраў. Гэтая інфармацыя дазволіла ўзнавіць траекторыю палёту борта. Другі самапісец запісваў размовы ў кабіне пілотаў і фонавыя гукі.
Паводле інфармацыі аддзела расследавання транспартных аварый і інцыдэнтаў Міністэрства юстыцыі Літвы, «атрыманая для даследавання інфармацыя яшчэ раз даказвае, што падчас крушэння не было ніякіх прыкмет умяшання звонку».