Напярэдадні вяртання Дональда Трампа ў Белы дом адным з яго самых уплывовых саюзнікаў называюць прадпрымальніка Ілана Маска. Ён не толькі самы багаты чалавек у свеце, але і будучы супрацоўнік адміністрацыі — Трамп збіраецца прызначыць яго дарадцам па пытаннях эфектыўнасці. Аднак такое збліжэнне Маска з прэзідэнтам выклікае незадаволенасць у Стыва Бэнана, экс-дарадцы Трампа і важнай фігуры ў правых колах ЗША, піша BILD.
Бэнан, які толькі нядаўна адбыў чатырохмесячны турэмны тэрмін за «непавагу да Кангрэсу» і зноў з’явіўся ў атачэнні Трампа ў яго рэзідэнцыі Мар-а-Лага, не хавае свайго негатыўнага стаўлення да Маска. У прыватнасці, ён лічыць тэхналагічнага магната «вельмі небяспечным» для Трампа і хоча перашкодзіць яму атрымаць доступ да Белага дому.
З пункту гледжання Бэнана, галоўная матывацыя Маска — дасягненне яшчэ большага багацця і ўплыву. Паводле палітыка, уступаючы ў каманду Трампа, Маск імкнецца засцерагчы свае праекты і заключыць больш выгадныя кантракты. Бэнан называе гэта «праявай прагнасці і эгаізму», сцвярджаючы, што такое «паляванне на капітал» ідзе насуперак інтарэсам шараговых амерыканцаў.
Нягледзячы на канфлікты ў найбліжэйшым атачэнні будучага прэзідэнта, многія палітычныя аналітыкі лічаць, што Трамп, вярнуўшыся ў Белы дом, будзе шукаць баланс паміж прагматызмам і радыкальнымі ідэямі Бэнана, мяркуе BILD.
Чытайце таксама